28 кастрычніка ў касцёле Узвышэння Святога Крыжа ў Вілейцы адбылося свята паляўнічых, рыбаловаў і леснікоў з нагоды ўспаміну іх апекуна – св. Губерта. Набажэнства ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
Звяртаючыся ў гаміліі да духавенства, а таксама прысутных паляўнічых, рыбаловаў, леснікоў і ўсіх вернікаў, арцыбіскуп адзначыў, што стала ўжо добрай традыцыяй праводзіць гэтую сустрэчу ўвосень з нагоды ўспаміну св. Губерта, які адзначаецца ў Каталіцкім Касцёле 3 лістапада.
Віншуючы паляўнічых, рыбаловаў і леснікоў са святам іх апекуна св. Губерта, арцыбіскуп Кандрусевіч пажадаў, каб яны падобна “праз сваё хобі знайшлі Бога і жылі Ягонай праўдай”.
Святы Губерт нарадзіўся ў VII стагоддзі ў Францыі ў шляхетнай сям’і. З маладосці вельмі цікавіўся паляваннем. Спачатку паводзіў сябе вольна з маральнага пункту гледжання, шмат часу прысвячаў пошукам задавальненняў і паляванню. Аднойчы ў Вялікую пятніцу ён, не захоўваючы павагі да смерці Хрыста, пайшоў на паляванне. Там яму аб’явіўся алень са ззяючым паміж рагоў крыжам. Губерт пачуў словы: “Ты вельмі шмат часу прысвячаеш справам гэтага свету. Памятай, што мэта чалавека зусім іншая”. Гэта быў пераломны момант у жыцці Губерта. Ён змяніў жыццё і стаў святаром, пазней біскупам, абвяшчаў Евангелле сярод вернікаў і язычнікаў, вылучаўся глыбокай малітвай, захаваннем посту і дабрачыннасцю. Яго ўспамін адзначаецца 3 лістапада.
Першакрыніца: https://catholic.by









